Самуйлёнок Эдуард
(1907 - 1939)
Биография
Пісьменнік
Эдуард Самуйлёнак
23.06.1907 - 12.02.1939
Эдуард Самуйлёнак — беларускі пісьменнік, член літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «БелАПП».
Месцам нараджэння Эдуарда Людвікавіча Самуйлёнка стаў горад Пецярбург, бацька ж яго паходзіў з вёскі Бандзелі на Верхнядзвіншчыне. Менавіта там і прайшлі юнацкія гады будучага пісьменніка — маці з дзецьмі перабралася туды пасля мабілізацыі мужа ў Чырвоную Армію.
Вучыцца Эдуард пачаў яшчэ ў Пецярбургу ў польскай гімназіі. Пазней займаўся самаадукацыяй, быў актыўным удзельнікам вечароў моладзі і канцэртаў самадзейнасці, загадчыкам хаты-чытальні, сакратаром камсамольскай ячэйкі Росіцкага сельсавета. У 1929—1930 гг. ён служыў у Чырвонай Арміі.
У 1930 г. Э. Самуйлёнак звязаў свой лёс з газетай «Чырвоная Полаччына». Малады паэт, які тады працаваў інспектарам па збору памолу з ветраных млыноў, прынёс у рэдакцыю свае вершы, а супрацоўнікі (сярод якіх быў Анатоль Астрэйка) звярнулі ўвагу на яго добры почырк і прапанавалі Эдуарду працу рэдакцыйнага перапісчыка, на што той з радасцю згадзіўся.
У 1934 г. Самуйлёнак перабраўся ў Мінск і пачаў працаваць у газеце «Літаратура і мастацтва», пасябраваў з Міхасём Лыньковым, які і ўзяў шэфства над маладым талентам, Віталем Вольскім, Янкам Купалам.
Памёр 12 лютага 1939 г. ад пнеўманіі. Купала адгукнуўся на смерць маладога сябра такімі радкамі:
Дружа мой, сокале ясны, крылаты,
Крыллi навекi апалi твае, —
Ты ўжо не прыйдзеш на нашыя святы,
Голас твой песень для нас не спяе.
Найперш мы ведаем Эдуарда Самуйлёнка як таленавітага празаіка, для твораў якога характэрны рысы прыгодніцтва. Асаблівы поспех меў раман «Будучыня», напісаны пасля паездкі ў Грузію.
Дэбютаваў ён у 1928 г. вершам «Партызан» у газеце «Чырвоная Полаччына», а ў 1929 г. там жа апублікаваў і першае апавяданне («Паляўнічае шчасце»). Друкаваўся таксама ў часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі».
Аўтар кніг «Тэорыя Каленбрун» (1934), «Пункт апоры» (1935), «Дачка эскадрона» (1937), «Пагібель воўка» (1939), «Выбраныя творы» (1940, 1948), «Выбраныя апавяданні» (1946), «Паляўнічае шчасце» (1950), «Апавяданні» (1958, 1967), «Будучыня» (1938), «Апавяданні і аповесць» (1977).
Захоронение располагается на территории Военного кладбище г. Минска (Минская область).
Источник: материалы предоставила Ирина Георгиевна Давыдова (г. Могилев).

